ТА́НЕЦ МАДЭ́РН.

Склаўся на мяжы 19—20 ст. у ЗША і Германіі як адзін з кірункаў сучаснай харэаграфіі. Тэрмін «Т.м.» выцесніў назвы «вольны танец», «дунканізм», «танец басаножак», «рытмапластычны танец», «экспрэсіянісцкі», «новы маст. танец» і інш. Заснавальніца Т.м. — амер. танцоўшчыца А.Дункан (імітацыя ант. форм танца, «танец басаножак», адмаўленне ад традыц. балетнага касцюма, зварот да сімф. і камернай музыкі). Асн. прынцыпы Т.м.: увасабленне новых тэм і сюжэтаў, пошук арыгінальных выразных танц.-пластычных сродкаў, высокая ступень імправізацыі, сінтэз розных стыляў, акцэнт на індывід. вынаходлівасць харэографа. Для яго развіцця характэрны імкненне да эксперыментавання, стварэння новых стылявых канцэпцый як процістаянне традыц. балетным формам. Фарміраванне Т.м. звязана з тэарэт. працамі Ф.Дэльсарта, Р. фон Лабана, практыкамі М.​Вігман, М.​Грэхем, Э.Жакам-Далькрозам, К.​Іосам, Р.​Сен-Дэні і інш. Т.м. паступова сінтэзаваўся з класічным танцам, што найб., ярка выявілася ў творчасці балетмайстраў К.​Галяйзоўскага, С.​Ліфара, В.​Ніжынскага, М.​Фокіна, Л.​Якабсона, пазней — у творчасці Дж.​Баланчына, М.​Бежара, Ю.​Грыгаровіча, Р.​Пці. У розных краінах свету сфарміраваліся і развіваюцца розныя школы і плыні. Значную ролю ў папулярызацыі і станаўленні Т.м. на Беларусі адыгрывае штогодні Міжнар. фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (з 1992). На бел. балетнай сцэне элементы Т.м. відавочны ў паст. А.​Дадышкіліяні, В.​Елізар’ева, Р.​Паклітару і інш.

С.​В.​Гуткоўская.

т. 15, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)